Паслы краін-членаў Еўразвязу адобрылі прапанову Еўрапейскай камісіі аб прадстаўленні 3 млрд еўра макрафінансавай дапамогі дзесяці краінам, якія ўдзельнічаюць у палітыцы пашырэння і суседства Еўрапейскага Звязу. Пра гэта ў аўторак, 5 траўня, паведаміла прэс-служба Еўрапейскай рады. «Краіны, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі палітыкі пашырэння і палітыкі суседства – нашы бліжэйшыя партнёры. Зараз, як ніколі, абсалютна неабходна, каб мы трымаліся разам і дэманстравалі салідарнасць у пераадоленні эканамічных і сацыяльных наступстваў гэтага глабальнага крызісу», – пракаментаваў рашэнне паслоў ЕЗ міністр фінансаў Харватыі Здраўка Марыч, гэта былая югаслаўская рэспубліка цяпер старшынствуе ў Еўрапейскай радзе.
Сярод 10 краін найбольшую суму атрымае Украіна. На пераадоленне наступстваў пандэміі каранавіруса Кіеву выдзеляць 1,2 млрд еўра. Дапамогу таксама атрымаюць яшчэ дзве краіны з постсавецкай прасторы. 150 млн еўра перададуць Грузіі, 100 млн еўра – Малдовы. Рашэнне, для ўступлення ў законную сілу, павінна быць падтрымана Еўрапарламентам і Еўрапейскай радай.
Сродкі будуць даступныя на працягу дванаццаці месяцаў і будуць выплачвацца двума часткамі. Максімальны сярэдні тэрмін пагашэння крэдытаў складае 15 гадоў. Як адзначаецца ў паведамленні, гэтыя пазыкі разам з падтрымкай з боку Міжнароднага валютнага фонду «будуць садзейнічаць умацаванню макраэканамічнай стабільнасці і стварэнню магчымасцяў для выдзялення рэсурсаў на абарону грамадзянаў і змякчэнне негатыўных сацыяльна-эканамічных наступстваў пандэміі каранавіруса».
паводле dw.com/эж