У афіцыйнага Берліна ёсць «сур'ёзныя доказы» датычнасці расійскіх хакераў да кібератакі на Бундэстаг, якая была праведзена ў 2015 годзе. Пра гэта канцлер ФРГ Ангела Мэркель паведаміла ў сераду, 13 траўня, адказваючы на пытанні дэпутатаў Бундэстага. Нямеччына пакідае за сабой права прыняць «захады, у тым ліку ў дачыненні да Расіі», у адказ на падобныя «абуральныя» дзеянні, адзначыла палітык.
Па словах канцлера, расійскі бок прамяняе стратэгію «гібрыднай вайны», часткай якой зʼяўляецца «дэзарыентацыя» і «скажэнне фактаў». Гэта неабходна «прымаць пад увагу», дадала Меркель. Па яе словах, яна і далей будзе старацца захаваць добрыя адносіны з Расіяй, таму лічыць неабходным працягваць дыпламатычныя намаганні.
Аднак, працягвала канцлер, падобныя інцыдэнты перашкаджаюць супрацоўніцтву, якое грунтуецца на даверы. У сувязі з гэтым яна згадала меры, прынятыя нямецкім бокам пасля рэзананснага забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі ў нямецкай сталіцы. Тады Берлін крытыкаваў Маскву з нагоды недастатковага супрацоўніцтва ў расследаванні на фоне шматлікіх сведчанняў таго, што забойства было выканана па замове расійскіх або чачэнскіх уладаў, а пазней ФРГ выслала двух расійскіх дыпламатаў.
У выніку кібератакі на ўнутраныя сеткі нямецкага Бундэстага ў 2015 годзе былі выкрадзеныя некалькі гігабайт звестак, у тым ліку вялікая колькасць электронных лістоў з дэпутацкага бюро канцлера. Кампʼютарную сістэму Бундэстага прыйшлося адключыць на некалькі дзён у мэтах бяспекі. Эксперты Федэральнага ведамства па крымінальных справах і Федэральнага ведамства па бяспецы ў сферы інфармацыйных тэхналогій часткова рэканструявалі падзеі пяцігадовай даўнасці і прыйшлі да высновы, што да выкрадання перапіскі могуць быць датычныя хакеры, звязаныя з Галоўным упраўленнем Генштаба ВС Расіі (былым ГРУ).
На пачатку траўня стала вядома, што Федэральная пракуратура Нямеччыны выдала ордэр на арышт расійскага хакера Дзмітрыя Бадзіна, якога нямецкія праваахоўнікі падазраюць у нападзе на Бундэстаг. Яго таксама шукае Федэральнае бюро расследаванняў ЗША як удзельніка групоўкі Fancy Bear, якая таксама падазраецца ва ўмяшанні ў выбары прэзідэнта.
паводле dw.com/эж