Беларуская Служба

Палестынцы выйшлі з пагадненняў з Ізраілем і ЗША

20.05.2020 09:08
Пры гэтым Абас абмовіўся што, палестынцы гатовыя вярнуцца да перамоваў з Ізраілем пры пасярэдніцтве трэцяга боку.
.
.Shutterstock/ Roman Yanushevsky

Палестынская нацыянальная аўтаномія скасавала ўсе дамоўленасці з Ізраілем і ЗША з-за намераў ізраільскага ўрада далучыць акупаваныя палестынскія землі. Пра гэта ў аўторак, 19 траўня, у Рамале заявіў кіраўнік ПНА Махмуд Абас.

«Арганізацыя вызвалення Палестыны і палестынская дзяржава з сённяшняга дня здымае з сябе ўсе абавязацельствы па ўсіх пагадненнях з урадамі ЗША і Ізраіля, у тым ліку па тым, якія звязаныя з бяспекай», – падкрэсліў Абас.

Палестынскі палітык раней неаднаразова папярэджваў, што спыніць супрацоўніцтва з Ізраілем у галіне бяспекі, аднак не рэалізоўваў пагрозы на практыцы. У чым канкрэтна будуць выяўляцца наступствы цяперашняга рашэння, кіраўнік ПНА не ўдакладніў.

Раней палестынскі бок супрацоўнічаў з ізраільскімі сіламі бяспекі на Заходнім беразе ракі Ярдан, а таксама з амерыканскім Цэнтральным разведвальным упраўленнем.

Пры гэтым Абас абмовіўся што, палестынцы гатовыя вярнуцца да перамоваў з Ізраілем пры пасярэдніцтве трэцяга боку.

Кіраўнік Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі 1 лютага заявіў, што не прымае новы план прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па ўрэгуляванні палестынска-ізраільскага канфлікту. Іншыя члены Лігі арабскіх краін таксама раскрытыкавалі ініцыятыву, заявіўшы, што яна не прывядзе да заключэння справядлівага мірнага пагаднення.

У канцы студзеня Трамп па выніках сустрэчы з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху ў Белым доме прапанаваў план урэгулявання блізкаўсходняга канфлікту. У прыватнасці, Трамп выступіў за стварэнне ў рамках канцэпцыі двух дзяржаў паўнавартаснай палестынскай дзяржавы са сталіцай ва Усходнім Ерусаліме, дзе Амерыка гатовая адкрыць амбасаду. Пры гэтым Ерусалім будзе, па задуме Трамп, заставацца «непадзельнай сталіцай» Ізраіля. На думку назіральнікаў, план прэзідэнт ЗША носіць супярэчлівы характар.

У 2017 годзе палестынцы спынілі дыпламатычныя адносіны з ЗША ў адказ на рашэнне Трамп аб пераносе амерыканскай амбасады з Тэль-Авіва ў Ерусалім.

dw.com/эж