Еўрапейскі Саюз раскрытыкаваў дазвол Дзяржаўнага савета Турцыі выкарыстоўваць сабор Святой Сафіі ў Стамбуле ў якасці мячэці, паведамляе «Нямецкая хваля». Рашэнне Дзяржсавета адмяніла пастанову турэцкага ўрада ад 1934 года аб музейным статусе сабора. «Мы выказваем шкадаванне ў сувязі з адменай статуса музея», – заявіў у Бруселі намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі і вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Жазэп Барэль.
У сваю чаргу прэзідэнт Грэцыі Кацярына Сакеларопулу назвала рашэнне турэцкіх уладаў «крайне правакацыйным актам, накіраваным супраць сусветнай супольнасці». Паводле яе слоў, гэты крок «жорстка абражае гістарычную памяць, падрывае каштоўнасць цярпімасці і атручвае адносіны Турцыі з усім цывілізаваным светам».
Рашэнне Дзяржсавета Турцыі асудзілі таксама ўлады Кіпра.
Дзяржсавет Турцыі, які выконвае функцыі вышэйшага адміністрацыйнага суда, 10 лiпеня дазволіў выкарыстоўваць сабор Святой Сафіі ў якасці мячэці. Неўзабаве пасля гэтага турэцкі прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган апублікаваў у мікраблогу Twitter указ пра тое, што сабор будзе перададзены ў рукі Упраўлення па справах рэлігіі і адкрыты для мусульманскіх набажэнстваў.
Дыскусія пра будучыню храма Святой Сафіі ў Стамбуле разгарнулася пасля таго, як 29 траўня, у чарговую гадавіну падзення Канстанцінопаля, у ім адбылося чытанне Карана. Праз тыдзень Эрдаган даручыў вывучыць магчымасць пераўтварэння сабора Святой Сафіі ў мячэць.
вс