Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

ЕС раскрытыкаваў адмову ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы

15.07.2020 07:37
"Адсутнасць празрыстасці ў працэсе праверкі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты (...) падрывае давер да працэсу рэгістрацыі". 
Siedziba Komisji Europejskiej (zdjęcie ilustracyjne)
Siedziba Komisji Europejskiej (zdjęcie ilustracyjne)Hadrian/ Shutterstock

Адмовіўшы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, беларускія ўлады не забяспечылі змястоўнага і канкурэнтнага палітычнага спаборніцтва, заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, паведамляе БелаПАН.

Тэкст заявы апублікаваны на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

У заяве зазначаецца, што Бабарыку было адмоўлена ў рэгістрацыі на той падставе, што "нібыта былі выяўленыя неадпаведнасці ў яго дэкларацыі аб даходах і маёмасці", а Цапкалу — "з-за нібыта недастатковай колькасці сапраўдных подпісаў для вылучэння кандыдатам і тое, што яго жонка не пазначыла звесткі аб праве ўласнасці на акцыі "Прыёрбанка" ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці".

"Адсутнасць празрыстасці ў працэсе праверкі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты, як ужо раней адзначалася БДІПЧ АБСЕ ў 2010 і 2015 гадах, падрывае давер да працэсу рэгістрацыі, — сказаў Барэль. — Акрамя таго, прававыя палажэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў ствараюць непрапарцыйныя і неабгрунтаваныя бар'еры для вылучэння кандыдатаў, што супярэчыць абавязацельствам у рамках АБСЕ і іншым міжнародным стандартам".

Паводле слоў Барэля, ЕС шкадуе, што рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ аб унясенні ў заканадаўства істотных працэдурных і прававых гарантый, якія павышаюць інклюзіўнасць, сумленнасць і празрыстасць на ўсіх этапах выбарчага працэсу, у прыватнасці, аб увядзенні дакладных і разумных крытэрыяў і механізмаў рэгістрацыі кандыдатаў і праверкі подпісаў, не былі выкананыя. Пры гэтым Еўрасаюз чакае, што Беларусь неадкладна афіцыйна запросіць БДІПЧ АБСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі.

"Адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі, якія ўяўляюцца адвольнымі, абмяжоўваюць магчымасць беларускага народа выказаць сваю волю і ўжо падрываюць агульную цэласнасць і дэмакратычны характар выбараў, — заявіў Барэль. — ЕС чакае, што Беларусь будзе паважаць правы беларускіх грамадзян на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў у наступныя некалькі тыдняў перад выбарамі. ЕС па-ранейшаму прыхільны да ўмацавання ўзаемадзеяння з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. Мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, але правы чалавека і дэмакратыя застануцца ў цэнтры ўвагі ЕС пры фарміраванні яго палітыкі ў дачыненні да гэтай краіны".

яс