Паліцыя арыштавала 151 чалавек пасля хуліганскіх беспарадкаў у Парыжы. Сярод іх 49 непаўналетніх. Пасля таго, як футбольны клуб Пары Сен-Жэрмен прайграў у фінале Лігі чэмпіёнаў, у французскай сталіцы пачаліся хваляванні.
Каля 5 тысяч заўзятараў сталічнага клуба глядзелі фінал Лігі чэмпіёнаў на вялікім экране. Падчас і пасля матчу натоўп нападаў на паліцыю. Сутыкненні адбыліся таксама вакол Елісейскіх палёў.
Петарды ды бутэлькі паляцелі ў бок сілаў правапарадку. Хуліганы падпальвалі аўтамабілі, білі вітрыны крамаў, вырывалі дрэўцы, разбуралі сметнікі. 16 паліцэйскіх атрымалі раненні, 12 крам і 15 машын былі пашкоджаныя.
Паліцыя адказала слезацечным газам і гумовымі кулямі. На месцы было некалькі сотняў пажарных. Затрыманых абвінавацілі ў фізічным нападзе на паліцэйскіх, крадзяжы, захоўванні скрадзеных тавараў, пашкоджанні маёмасці або невыкананні загадаў сілаў правапарадку. Некалькі соцень чалавек былі аштрафаваныя за тое, што яны не маюць масак.
Фінал Лігі чэмпіёнаў адбыўся ў Лісабоне. Баварыя Мюнхен выйграла з парыжскім клубам Пары Сен-Жэрмен 1:0. Адзіны гол для нямецкай каманды забіў на 59-й хвіліне француз Кінгслі Коман. Роберт Левандоўскі стаў каралём бамбардзіраў турніру з 15 галамі. Роберт Левандоўскі – пяты паляк, які выйграў Кубак Еўропы.
ПР/нг