Лідары Еўрасаюза і НАТА асудзілі спробу атруціць расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага і заклікалі Расію правесці сумленнае расследаванне.
Заяву па гэтай справе апублікаваў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль. У Твітэры на гэты конт выказаліся таксама старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль і кіраўнік Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Лаен, а таксама генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг.
У сераду афіцыйны прадстаўнік ураду Германіі Штэфэн Зайбэрт паведаміў, што ў арганізме Аляксея Навальнага спецыялісты знайшлі сляды хімічнага атрутнага рэчыва з групы „Навічок”.
Кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль у сваёй заяве напісаў, што таксікалагічны аналіз паказвае на спробу атруціць Аляксея Навальнага хімічным рэчывам, распрацаваным Савецкім Саюзам, а потым і Расіяй.
„Ужыванне хімічнай зброі абсалютна недапушчальнае і з'яўляецца парушэннем міжнароднага права”, - нагадаў кіраўнік дыпламатыі ЕС. Жазэп Барэль заклікаў Расею правесці празрыстае расследаванне і падкрэсліў, што гэтая справа не можа застацца нявырашанай.
Старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль асудзіў спробу „суцішэння” апазіцыйнага лідара. Поўнага і празрыстага расследавання чакае ад Расіі таксама Генеральны сакратар НАТА. Енс Столтэнберг напісаў, што будзе кансультавацца з саюзнікамі па НАТА наконт наступстваў.
„Гэта нікчэмны і баязлівы ўчынак. Злачынцы павінны быць прыцягнуты да адказнасці”, - заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Лаен.
аз