Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн раскрытыкаваў тое, што Дональд Трамп не выказваецца аб падаўленні пратэстаў у Беларусі. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters у пятніцу, 25 верасня, са спасылкай на пісьмовую заяву Байдэна.
У электронным лісце ён назваў Аляксандра Лукашэнку дыктатарам, а затрыманых лідараў апазіцыі – палітвязнямі. «Прэзідэнт Трамп адмаўляецца выказацца супраць дзеянняў Лукашэнкі ці прапанаваць сваю асабістую падтрымку прадэмакратычнаму руху», – канстатаваў Джо Байдэн.
Цырымонію інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая не была абвешчаная загадзя, ён назваў «ганебнай». «Калі прэзідэнт хаваецца, баючыся сваіх грамадзянаў, і адмаўляецца прыняць волю народа, – гэта прыкмета нелегітымнага аўтакрата, а не моцнага лідара», – падкрэсліў Байдэн.
29 верасня павінны прайсці першыя дэбаты Байдэна і Трампа.
dw.com/эж