Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Немцы дзякуюць Польшчы за ўклад у аб'яднанне Германіі

04.10.2020 08:18
Цягам звыш сарака гадоў нямецкія дзяржавы былі падзеленыя мяжой.
Mur Berliński
Mur BerlińskiShutterstock.com/michelangeloop

Міністр замежных спраў Германіі Гайка Маас падзякаваў Польшчы за яе ўклад у падзенне берлінскага муру. У відэазвароце, апублікаваным у сацсетках з нагоды 30-годдзя аб’яднання нямецкай дзяржавы, міністр сказаў:

- Сёння, праз трыццаць гадоў пасля аб’яднання Германіі, мы гаворым «Дзякуем, Польшча!».

Да палякаў звярнуўся таксама пасол Германіі ў Польшчы Арндт Фрэйтаг фон Ларынгофен (Arndt Freytag von Loringhoven) з наступнымі словамі:

- Дзякуем, бо аб’яднанне Германіі, гэты цудоўны момант у нашай гісторыі, неразрыўна звязана з клічам аб свабодзе, які выйшаў з Гданьска. Імкненне «Салідарнасці» да свабоды стала натхненнем для жыхароў ГДР. Палякі запусцілі лавіну, якая знесла берлінскі мур і сарвала жалезную заслону.

Пасол адзначыў, што немцы заўсёды будуць удзячныя за гэта Польшчы. Ён згадаў таксама пра ліст польскіх біскупаў да нямецкіх, пра папу рымскага Яна Паўла ІІ і польска-нямецкі дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве.

30 гадоў таму, 3 кастрычніка 1990 года, Германская Дэмакратычная Рэспубліка была далучана да Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. Гэта стала праз 11 месяцаў пасля падзення берлінскага муру. Трэцяга кастрычніка ў Германіі адзначаецца дзяржаўнае свята – Дзень еднасці. Цягам звыш сарака гадоў нямецкія дзяржавы былі падзеленыя мяжой, паколькі пасля вайны былі ўтвораныя дзве краіны, якія адрозніваліся паміж сабою эканамічным і палітычным ладам.

нг

на здымку - фрагмент Берлінскага муру