У Бруселі сёння пачынаецца двухдзённы саміт краін Еўрапейскага Саюзу. Галоўныя тэмы: перамовы з Вялікабрытаніяй, пытанні клімату ды пандэмія каранавіруснай інфекцыі. Сустрэча еўрапейскіх лідараў пачнецца з дэбатаў на тэму перамоў паміж ЕС і Вялікабрытаніяй. Перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.
- Лідары дваццаці сямі краін намераны ацаніць, што прагрэс у перамовах недастатковы і заклікаць да паскарэння працы над аварыйнымі планамі на выпадак адсутнасці дамовы. У сваю чаргу падчас вячэры лідары краін ЕС намераны правесці дыскусію на тэму клімату. Еўрапейская камісія прапануе павысіць норму змяншэння выкідаў цяплічных газаў з 40% да як мінімум 55%. Для Польшчы, эканоміка якой абапіраецца ў асноўным на вугаль, гэта складаная задача. Варшава патрабуе, каб перад прыняццем канчатковай дэкларацыі былі зладжаныя паглыбленыя кансультацыі.
На другі дзень саміту лідары краін ЕС плануюць правесці перамовы на тэму супрацы і каардынацыі крокаў у часы пандэміі. Магчыма, яны абмяркуюць таксама міжнародныя пытанні, звязаныя з сітуацыяй у Расіі, Беларусі ды Турцыі.
ПР/нг