Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Украіна адхіляе абвінавачванні Беларусі ў варожых дзеяннях

15.10.2020 10:21
Гаворка ідзе пра ўказ украінскага прэзідэнта аб прыцягненні прадпрымальнікаў і высокакваліфікаваных спецыялістаў з РБ.
Сцяг Украіныфота: Pixabay.com/jorono/CC0 Creative Commons

Украіна адхіляе абвінавачванні Беларусі ў варожых дзеяннях, паведаміла надоечы прэс-сакратар украінскага Міністэрства замежных спраў Кацярына Зяленка пасля перадачы Міністэрствам замежных спраў Беларусі ноты пратэсту ўкраінскаму паслу ў Мінску. Яна дадала, што Украіна заўсёды рада людзям, якія хочуць там развівацца.

У сераду прэс-служба беларускага МЗС паведаміла, што патэлефанавала ўкраінскаму паслу Ігару Кізіму, якому ўручылі ноту пратэсту. У дакуменце беларускі бок «выказвае занепакоенасць выданнем прэзідэнтам Украіны ўказа "Аб некаторых мерах па прыцягненні прадпрымальнікаў і высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь», які, насуперак агульнапрынятым прававым нормам, ахоплівае толькі грамадзян суседняй краіны".

МЗС Беларусі мяркуе, што гэты ўказ нельга трактаваць інакш, як адкрыта варожы і дыскрымінацыйны крок украінскага боку, "які гранічыць з умяшаннем ва ўнутраныя беларускія справы".

"Украіна адхіляе абвінавачванні Мінска ў варожых дзеяннях. Наша краіна традыцыйна адкрытая і добразычлівая да грамадзян Беларусі. Да крызісу ў Беларусі перамяшчэнне паміж нашымі краінамі было максімальна свабодным, а міжасабовыя адносіны і дзелавыя кантакты паглыбляліся", – заявіла прэс-сакратар МЗС Украіны.

Яна падкрэсліла, што Украіна зʼяўляецца дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай, прыхільнай еўрапейскім каштоўнасцям, і абарона правоў і свабод чалавека мае фундаментальнае значэнне. "Украіна заўсёды будзе прымаць людзей, якія падзяляюць гэтыя каштоўнасці і хочуць рэалізаваць сябе ў нашай краіне", – дадала яна.

Указ прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, у прыватнасці, прадугледжвае, што ўрад Украіны падоўжыць перыяд часовага знаходжання ва Украіне да 180 дзён для беларускіх прадпрымальнікаў і высокакваліфікаваных спецыялістаў, іміграцыя якіх адпавядае інтарэсам Украіны, і членаў іх семʼяў. Урад таксама мае стварыць пілотную праграму для спрашчэння працэдур атрымання правоў на часовае пражыванне такімі асобамі і для аптымізацыі працэдуры прадастаўлення дазволаў на працу.

"Дакумент будзе садзейнічаць развіццю інвестыцыйнага патэнцыялу Украіны і прыцягненню высокакваліфікаваных ІТ-спецыялістаў і наватараў", – напісана на сайце ўкраінскага прэзідэнта.

Польскае агенцтва друку/нг