У Літве пачынаецца прафілактычная акцыя па выдачы таблетак ёду жыхарам Вільні. Гэта звязана з запланаваным пачаткам эксплуатацыі АЭС у Астраўцы. Беларуская атамная электрастанцыя знаходзіцца ўсяго ў 50 км ад літоўскай сталіцы. Паўтары тыдні таму першы блок электрастанцыі пачаў працаваць на мінімальным узроўні рэгуляванай магутнасці.
Таблеткі ёду адпускаюцца на падставе электроннага рэцэпту ва ўсіх аптэках сталіцы Літвы. Усе, хто зарэгістраваны ў Вільні, могуць атрымаць іх бясплатна. Магчыма таксама іх купіць.
Усяго Літва імпартавала 4 мільёны таблетак. Як паведаміла Польскаму радыё міністр унутраных спраў Літвы Рыта Тамашунене, гэта адзін з элементаў прафілактыкі. "У кожнага чалавека, які жыве ў радыюсе 100 км ад гэтай электрастанцыі, павінна быць такая таблетка. Кожны таксама павінен ведаць, як сябе паводзіць у выпадку аварыі, і таму мы плануем інфармацыйную кампанію", - тлумачыць міністр.
На летніх канікулах таблеткі таксама раздавалі жыхарам раёнаў каля мяжы Літвы і Беларусі.
Беларуская электрастанцыя выклікае занепакоенасць у літоўцаў. Яны мяркуюць, што аб'ект можа прадстаўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы, прыроднаму асяроддзю і жыхарам краіны.
ПР/нг