Папа Рымскі Францыск выступіў у абарону грамадзянскіх саюзаў для аднаполых партнёраў. «Гомасэксуалы маюць права на сям'ю. Яны дзеці Божыя і маюць права на сямʼю. Ніхто не павінен быць адхілены або пакутаваць з-за гэтага», – сказаў ён у новым дакументальным фільме Francesco, прэмʼера якога адбылася на Рымскім кінафестывалі ў сераду, 21 кастрычніка.
«Трэба стварыць закон аб грамадзянскім cаюзе. Тады яны будуць знаходзіцца пад юрыдычнай абаронай. Я выступаў за гэта», – сказаў 83-гадовы пантыфік, разважаючы пра чалавека па імені Андрэа Рубэра – гомасэксуала, які разам з партнёрам усынавіў трох дзяцей.
У дакументальным фільме, намінанце на прэмію Оскар – амерыканскага рэжысёра з габрэйскімі каранямі расійскага паходжання Яўгена Афінеўскага, – Рубера распавядае, што ён хадзіў на ранішнюю імшу, якую папа служыў у Ватыкане, і перадаў Біскупу Рыму ліст, у якім апісаў сваю жыццёвую сітуацыю.
У сваім пасланні Рубера паведаміў пантыфіку, што ён і яго партнёр хочуць выхаваць усыноўленых дзяцей як каталікоў у мясцовай парафіі, але не ведаюць, як яны будуць там прынятыя. У якой краіне Рубера пражывае, незразумела. Паводле яго слоў, Францішак патэлефанаваў яму праз некалькі дзён і сказаў, што быў крануты яго лістом. Пры гэтым Пантыфік параіў аднаполай пары прадставіць сваіх дзяцей прыходу, але быць гатовым да непрымання. У дакументальным фільме Рубера кажа, што яны зрабілі так як раіў Францішак.
Цяперашні Пантыфік ужо выказваўся ў падтрымку аднаполых грамадзянскіх саюзаў у бытнасць арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, але гэта першы выпадак, калі ён робіць гэта на Святым пасадзе.
dw.com/эж