Украіна прадставіла план урэгулявання сітуацыі на Данбасе. Ён прадбачвае вывад замежных войскаў з усходу Украіны і правядзенне там мясцовых выбараў вясной наступнага года. Былы прэзідэнт Леанід Краўчук паведаміў пра ўкраінскі мірны план. План прадугледжвае прыпыненне ваенных дзеянняў і дэмілітарызацыю тэрыторыі, занятай прарасійскімі баевікамі. Гэта азначае вывад усіх узброеных груп, наймітаў і зброі з Данбаса, а Украіна адновіць кантроль над мяжой з Расіяй.
Гэта будзе зроблена да пачатку 2021 года. Тады, паводле словаў Краўчука, мясцовыя выбары на Данбасе ў адпаведнасці з украінскай канстытуцыяй павінны быць праведзены не пазней за 31 сакавіка 2021 года. Украіна не першы раз прапануе правесці мясцовыя выбары на Данбасе, пры ўмове, што прарасійскія сілы адтуль выйдуць. Тым часам Расія хоча, каб спачатку прайшлі выбары, а потым вырашаліся пытанні бяспекі.
ПР/нг