Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Венгрыя хоча імпартаваць расійскую вакцыну супраць каранавірусу

06.11.2020 16:12
Першыя пастаўкі павінны пачацца ў снежні бягучага году.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/ANTONIO DASIPARU Dostawca: PAP/EPA

Са снежня Венгрыя пачне імпартаваць з Расіі вакцыны супраць каранавірусу, паведаміў у сацсетках кіраўнік венгерскай дыпламатыі Пэтэр Сіярта.

Раней Сіярта размаўляў пра гэта па тэлефоне з міністрам аховы здароўя Расіі Міхаілам Мурашкам. Як заявіў кіраўнік венгерскага Міністэрства замежных спраў, Расія робіць вялікія поспехі ў даследаваннях вакцын:

- Мы дамовіліся, што Расія пачне імпартаваць вакцыны ў Венгрыю ў снежні ў невялікіх колькасцях, каб мы маглі правесці клінічныя выпрабаванні, праверыць іх і атрымаць адпаведныя дазволы. Затым, з другога ці трэцяга тыдня студзеня, будзе пастаўленая большая партыя.

Венгерскі вытворца вакцын супраць грыпу праводзіць кансультацыі з расійскімі фірмамі наконт магчымасці пераходу на вытворчасць вакцын супраць каранавіруса. Раней кіраўнік венгерскай дыпламатыі заявіў, што яго краіна вядзе перамовы наконт набыцця вакцын з Кітаем, Расіяй і Ізраілем.

У цяперашні час міністр Сіярта знаходзіцца ў каранціне з-за заражэння каранавірусам.

ПР/юл