Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Еўразвяз гатовы прадаставіць гуманітарную дапамогу Арменіі і Азербайджану

13.11.2020 09:43
Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ указаў абодвум бакам на неабходнасць выконваць рэжым спынення агню.
Zniszczony budynek w Górskim Karabachu
Zniszczony budynek w Górskim KarabachuEPA/ARMENIAN FOREIGN MINISTRY / HANDOUT HANDOUT EDITORIAL USE ONLY/NO SALES

Еўрапейскі Звяз гатовы забяспечыць далейшую гуманітарную падтрымку мірных жыхароў, якія пацярпелі ад канфлікту ў Нагорным Карабаху. Пра гэта вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль паведаміў міністрам замежных спраў Арменіі і Азербайджана Зограбу Мнацаканяну і Джэйхуну Байрамаву падчас тэлефонных размоў у чацвер, 12 лістапада. Брусель ужо выдзеліў на надзвычайную дапамогу амаль 1 млн еўра.

Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ указаў абодвум бакам на неабходнасць выконваць рэжым спынення агню. Гэта можа стаць першым крокам да ўсёабдымнага і ўстойлівага ўрэгулявання канфлікту шляхам перамоваў, адзначыў Барэль. Чыноўнік таксама падкрэсліў важнасць захавання прынцыпаў міжнароднага гуманітарнага права і абароны культурнай спадчыны.

Між тым прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што Парыж гатовы дапамагчы ў выбудоўванні доўгатэрміновага і збалансаванага развязання канфлікту ў Нагорным Карабаху. Французскі лідар у тэлефоннай гутарцы з прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам вітаў спыненне баявых дзеянняў у рэгіёне.

На пачатку лістапада прэмʼер-міністр Арменіі, а таксама прэзідэнты Азербайджана і Расіі прынялі заяву аб поўным спыненні ўсіх ваенных дзеянняў у Нагорным Карабаху з 10 лістапада. Уздоўж лініі судакранання ў Нагорным Карабаху і ўздоўж калідора, які злучае Карабах з Арменіяй, будуць разгорнутыя расійскія міратворцы, транспартныя зносіны ў рэгіёне будзе кантраляваць памежная служба ФСБ Расіі.

dw/эж