Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Кітай і краіны Азіі заключылі найбуйнейшае ў свеце пагадненне аб свабодным гандлі

15.11.2020 11:04
На долю ўдзельнікаў пагаднення «Усебаковае рэгіянальнае эканамічнае партнёрства» (RCEP) прыпадае амаль трэць сусветнай эканомікі – 29%
Pekin, Zakazane Miasto
Pekin, Zakazane MiastoShutterstock.com/ Cassiohabib

Кітай, нягледзячы на гандлёвы канфлікт з ЗША, заключыў з 14 краінамі азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёну найбуйнейшае ў свеце пагадненне аб свабодным гандлі. Пасля перамоваў, якія доўжыліся восем гадоў, адпаведны дакумент быў падпісаны ў нядзелю, 15 лістапада, па выніках віртуальнага саміту краін Асацыяцыі дзяржаў паўднёва-ўсходняй Азіі (АСЕАН) у сталіцы В'етнаму Ханоі.

На долю ўдзельнікаў пагаднення «Усебаковае рэгіянальнае эканамічнае партнёрства» (RCEP) прыпадае амаль трэць сусветнай эканомікі – 29%. Гэта крыху менш, чым доля Еўрапейскага Звязу (33%), але эксперты ўпэўненыя, што паказчык RCEP у бліжэйшы час вырасце. На тэрыторыі краін-удзельніц пагаднення пражываюць 2,2 млрд чалавек.

Дагавор прадугледжвае зніжэнне мытных пошлін і ўвядзенне агульных гандлёвых правілаў, што дазволіць аптымізаваць і каналы паставак. Пагадненне распаўсюджваецца на гандаль, паслугі, электронную камерцыю, тэлекамунікацыі і аўтарскія правы.

Акрамя Кітая – другой па велічыні ў свеце эканомікі, у RCEP уваходзяць дзесяць краін АСЕАН – Вʼетнам, Сінгапур, Інданезія, Малайзія, Тайланд, Філіпіны, Мʼянма, Бруней, Лаос і Камбоджа, а таксама Японія, Аўстралія, Паўднёвая Карэя і Новая Зеландыя.

Эксперты адзначаюць, што заключэнне пагаднення ў Ханоі на фоне гандлёвай вайны з ЗША – вялікі поспех камуністычнага кіраўніцтва ў Пекіне. Яны прагназуюць, што гэты дагавор узмоцніць эканамічную інтэграцыю азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёну і процідзеянне пратэкцыянісцкім тэндэнцыям.

dw/эж