Старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэта з аптымізмам глядзіць на Алімпійскія гульні ў Токіа, якія з-за пандэміі каранавіруса былі перанесеныя на наступны год. Падчас двухдзённага візіту ў Японію Томас Бах выказаў „упэўненасць”, што заўзятары змогуць назіраць за спартыўнай барацьбой на трыбунах.
Старшыня МАК сустрэўся з кіраўніком японскага ўрада, з якім размаўляў пра бяспечнае правядзенне гульняў ва ўмовах пандэміі. Таксама гаворка ішла пра бяспеку 11 тысяч спартсменаў, якія павінны прыняць удзел у мерапрыемстве.
Пасля сустрэчы з з прэм'ер-міністрам Японіі кіраўнік МАК выказаў „вялікую ўпэўненасць” у тым, што гульні ў наступным годзе пройдуць з удзелам публікі.
Гэта першы візіт кіраўніка МАК у Японію з сакавіка, калі было прынятае рашэнне перанесці на год найбуйнейшую спартыўную падзею ў свеце.
Паводле апытання грамадскай думкі, праведзенага ў Японіі па замове агенцтва Reuters, 68 адсоткаў буйных і сярэдніх японскіх кампаній выступаюць за арганізацыю гульняў у наступным годзе. Аднак дзве траціны апытаных выступаюць за абмежаванне колькасці гледачоў на алімпійскіх трыбунах.
аз