Беларуская Служба

Спецслужбы Украіны: Расія можа ўвайсці ў Херсонскую вобласць

04.01.2021 09:11
Дзейнасць Расійскай Федэрацыі ў дачыненні да Украіны можа перарасці ў буйную ваенную аперацыю і акупацыю новых тэрыторый ва Украіне.
Крэмль PAP/EPA/MAXIM SHIPENKOV

Служба знешняй разведкі Украіны не выключае магчымасці таго, што расійская армія можа ўвайсці ў Херсонскую вобласць на поўдні Украіны для сілавога вырашэння пытання аб пастаўках вады для акупаванага Крыма, паведаміла агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» са спасылкай на дакумент гэтай службы.

Да анексіі паўвострава Расіяй вясной 2014 года Украіна забяспечвала да 85% попыту Крыма на пітную ваду. «Такім чынам, патэнцыйна ўзброеныя сілы Расійскай Федэрацыі могуць увайсці ў Херсонскую вобласць пад уяўнай нагодай узяць пад кантроль дамбу на Паўночна-Крымскім канале», – гаворыцца ў дакуменце спецслужбы з 30 снежня 2020 года аб знешніх пагрозах для Украіны.

Пасля анексіі Расіі пастаўкі вады з Дняпра праз Паўночна-Крымскі канал былі перакрытыя ўкраінскімі ўладамі, якія абвясцілі, што не будуць аднаўляць пастаўкі, пакуль Крымскі паўвостраў не будзе вернуты.

Паводле ўкраінскай выведкі, акупаваны Крым быў ператвораны Расіяй у ваенную базу з гатовай інфраструктурай захоўвання ядзернай зброі.

У перспектыве дзейнасць Расійскай Федэрацыі ў дачыненні да Украіны можа перарасці ў буйную ваенную аперацыю і акупацыю новых тэрыторый ва Украіне. Гэтаму могуць спрыяць наступныя фактары: неабходнасць адцягнуць увагу ад шэрагу ўнутраных праблем у Расіі, неабходнасць вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем часова акупаванага Крыма, засяроджванне ўвагі асноўных міжнародных партнёраў да ўласных унутраных праблем, цытуе дакумент агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

ав