Злучаныя Штаты Амерыкі будуць патрабаваць ад тых, хто прыбывае ў краіну, прадастаўлення адмоўнага выніку тэсту на каранавірус, паведамілі ва ўрадавым Цэнтры па кантролю і прафілактыцы захворванняў.
Новыя правілы павінны ўступіць у сілу 26 студзеня. Паводле іх, асобам, якія ляцяць у ЗША, давядзецца прайсці тэст на наяўнасць каранавіруса за тры дні да паездкі. Яны змогуць увайсці на борт самалёта толькі з адмоўным вынікам тэсту. Згаданы абавязак не будзе датычыць экіпажаў самалётаў, амерыканскіх жаўнераў і дзяцей ва ўзросце да двух гадоў.
Дырэктар Цэнтра па кантролю і прафілактыцы захворванняў Роберт Рэдфілд заявіў, што тэсты не выключаюць рызыкі, але значна яе зніжаюць.
Амерыканскія авіякампаніі падтрымалі новыя правілы. Аднак іх прадстаўнікі прапануюць, каб яны замянілі дзеючую забарону на палёты ў ЗША з Еўропы, Вялікабрытаніі і Бразіліі. Забарона выклікала значнае зніжэнне колькасці пасажыраў і адмоўна пауплывала на амерыканскую турыстычную індустрыю.
аз