Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Расіі адбываюцца акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага

31.01.2021 09:48
Каманда Навальнага анансавала акцыі ў 142 гарадах Расіі.
Aleksiej Nawalny
Aleksiej NawalnyTwitter/Alexei Navalny

Зачыненыя станцыі маскоўскага метрапалітэна «Аляксандраўскі сад», «Ахвотны шэраг», «Тэатральная», «Плошча Рэвалюцыі», «Кузнецкі мост», «Лубянка», «Кітай-горад», усе абмежаванні будуць дзейнічаць да адмысловага распараджэння.

Для пешаходаў перакрыты ўвесь цэнтр, у тым ліку частка Крамлеўскай і Маскварэцкай набярэжных. На іх жа нельга будзе паркавацца.

Акрамя таго, у нядзелю ў цэнтры Масквы будуць зачыненыя кавярні, рэстараны і крамы. Нельга будзе купіць алкаголь і напоі ў шкляной тары з 09:00 да 23:00.

Каля адміністрацыйных будынкаў выстаўленыя агароджы.

Першыя акцыі пачаліся ў Сібіры і на Далёкім Усходзе Расіі. Каля тысячы людзей выйшла ў Новасібірску і Іркуцку. На цэнтральнай плошчы Якуцка некалькі дзясяткаў пратэстоўцаў сабраліся нават у саракаградусны мароз. Ва Уладзівастоку паліцыя выціснула людзей з цэнтра, і яны зладзілі карагод на лёдзе Амурскага заліва. Да іх высунуўся катэр на паветранай падушцы з паліцэйскімі, але заглух побач з пратэстоўцамі.

Затрыманні праходзяць у Краснаярску, Барнауле, Новасібірску. Затрыманыя 13 чалавек у цэнтры Хабараўска. Усяго па Расіі затрыманыя ўжо больш за 250 чалавек.

Каманда Навальнага анансавала акцыі ў 142 гарадах Расіі.

Аляксея Навальнага затрымалі 17 студзеня ў аэрапорце Шарамеццева, калі ён вярнуўся ў Расію з Нямеччыны, дзе лячыўся пасля атручвання рэчывам з групы «Навічок». 

Навальнага затрымалі на патрабаванне Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП), якая настойвае на тым, каб яму замянілі ўмоўны тэрмін па справе «Іў Рашэ» (тры з паловай гады) на рэальны. Пасяджэнне суда па заяве ФСВП прызначылі на 2 лютага.

Наша Ніва/нг