У панядзелак генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў армію М’янмы неадкладна спыніць рэпрэсіі і гвалт пасля ваеннага перавароту ў краіне. Ён дадаў, што ў сучасным свеце „ месца пераваротам няма”.
Гутэрыш звярнуўся да путчыстаў у М’янме ў відэазвароце, які адкрыў 46-е паседжанне Савета па правах чалавека ААН.
„Сёння я заклікаю армію М’янмы неадкладна спыніць рэпрэсіі. Вызваліце зняволеных і пакончыце з гвалтам. Паважайце правы чалавека і волю людзей, выказаную на нядаўніх выбарах”, - сказаў Гутэрыш. Кіраўнік ААН абвінаваціў вайскоўцаў у шматлікіх злачынствах, уключаючы жорсткасць у дачыненні да дэманстрантаў, напады на грамадзянскую супольнасць і „беспакараныя сур'ёзныя злачынствы супраць этнічных меншасцей”.
12 лютага Савет па правах чалавека - нягледзячы на супраціў Расіі і Кітая - прыняў рэзалюцыю, якая заклікае спыніць гвалт і вызваліць былую кіраўнічку ўрада Аун Сан Су Чжы.
У панядзелак грамадзяне М’янмы распачалі агульнанацыянальную забастоўку і масава выходзяць на вуліцы ў знак пратэсту супраць захопу ўлады арміяй.
Паводле мясцовых СМІ, гэта самым буйным грамадскі супраціў з часоў паўстання ў 1988 годзе.
аз