Беларуская Служба

Украіна прапануе Польшчу на месца сустрэч трохбаковай групы па Данбасе

07.04.2021 08:31
Леанід Краўчук: Сустрэчы групы больш не павінны адбывацца ў Мінску, паколькі Беларусь – недэмакратычная краіна «пад пяткай Расіі».
Сцяг УкраіныPhoto:1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

Украіна не выключае, што запрапануе Польшчу на месца будучых сустрэч трохбаковай групы па Данбасе. Пра гэта паведаміў кіраўнік украінскай дэлегацыі, былы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук. Нагадваем, раней сустрэчы групы праходзілі ў сталіцы Беларусі. У цяперашні час, з-за пандэміі яны адбываюцца ў анлайн форме.

У адным з інтэрв'ю Леанід Краўчук заявіў, што пасля завяршэння пандэміі трэба знайсці новае месца для перамоў трохбаковай групы, якую часам называюць менскай кантактнай групай. Паводле яго, сустрэчы групы больш не павінны адбывацца ў Мінску, паколькі Беларусь – гэта недэмакратычная краіна „пад пяткай Расіі”. Пры нагодзе былы прэзідэнт Украіны згадаў пра Польшчу, але, як сказаў, на такое месца можа не пагадзіцца Расія.

Пра неабходнасць змены месца сустрэч групы гаварыў таксама ўкраінскі віцэ-прэм'ер і міністр па справах акупаваных тэрыторыяў Аляксей Рэзнікаў.

Нагадваем, у склад трохбаковай групы па Данбасе, акрамя Украіны і Расіі, уваходзяць таксама прадстаўнікі АБСЕ.

аз