Беларуская Служба

Чэхія высылае 18 расійскіх дыпламатаў у сувязі з новымі звесткамі пра выбухі ў 2014 годзе

18.04.2021 00:10
Паводле высноваў чэшскай контрвыведкі, да арганізацыі выбухаў прычыніліся расійскія спецслужбы.
,
Чэхія, Прагафота: Pixabay.com/MurderousPass/CC) Creative Commons

Прэм'ер-міністр Андрэй Бабіш заявіў, што чэшскія спецслужбы маюць доказы ўдзелу супрацоўнікаў расійскай ваеннай разведкі ў выбухах, якія адбыліся ў 2014 годзе ў Врбяціцах на ўсходзе Чэхіі. "Выбух нанёс велізарныя матэрыяльныя страты. Жыццю мясцовых жыхароў пагражала небяспека. Але перш за ўсё загінулі двое нашых грамадзян", - сказаў чэшскі прэм'ер-міністр.

Міністр унутраных спраў Ян Хамачэк, які выконвае цяпер абавязкі кіраўніка Міністэрства замежных спраў, заявіў, што Чэхія высылае 18 супрацоўнікаў пасольства Расіі ў Празе, паколькі яны былі ідэнтыфікаваныя супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў. "Чэхія павінна адрэагаваць. Мы праінфармуем пра справу нашых саюзнікаў і партнёраў па Еўрапейскім Саюзе і НАТА. Мы просім у іх падтрымкі", - дадаў Ян Хамачэк.

Па інфармацыі чэшскіх СМІ, зброя была прызначаная для продажу Украіне, якая змагалася з прарасійскімі сепаратыстамі, і Сірыі. 

У сувязі з новымі звесткамі пра выбухі, чэшская паліцыя аб'явіла ў вышук двух мужчын. Калі меркаваць паводле фотаздымкаў, гэта расійскія агенты, якіх падазраюць у атручванні Сяргея Скрыпаля і яго дачкі.

ІАР/нг