Беларуская Служба

Вышаградская група выказала салідарнасць з Чэхіяй

20.04.2021 09:30
Адмысловую заяву зрабілі міністры замежных спраў краін Вышаградскай групы ў звязку з варожымі дзеяннямі Расіі.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/MARTIN DIVISEK Dostawca: PAP/EPA

Міністры замежных спраў Польшчы, Славакіі і Венгрыі выказалі салідарнасць з нядаўнімі дзеяннямі Чэхіі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве.

"Мы, міністры замежных спраў Вышаградскай групы, асуджаем усе дзеянні, якія пагражаюць бяспецы суверэнных дзяржаў ды іх грамадзян. Мы гатовы і далей умацоўваць нашу ўстойлівасць перад дыверсійнымі дзеяннямі".

Міністры падкрэслілі, што будуць рабіць гэта як на нацыянальным узроўні, так і ў супрацоўніцтве з саюзнікамі па НАТА, а таксама ў рамках Еўрапейскага саюза. "Міністры замежных спраў Польшчы, Славакіі і Венгрыі выказваюць сваю салідарнасць з нядаўнімі дзеяннямі Чэхіі, нашага блізкага партнёра, саюзніка і суседа", - гаворыцца ў апублікаваным дакуменце.

Міністэрства замежных спраў Чэхіі ў суботу абвясціла пра высылку 18 расійскіх дыпламатаў, якіх яно прызнала супрацоўнікамі спецслужбаў. У адказ Масква загадала 20 супрацоўнікам пасольства Чэхіі пакінуць Расію.

ПР/юл