Беларуская Служба

ЕС асуджае Беларусь за міграцыйны крызіс на мяжы з Літвой

06.07.2021 09:01
Шарль Мішэль: Беларускія ўлады выкарыстоўваюць нелегальную міграцыю, каб паспрабаваць аказаць ціск на Еўрасаюз.
C    .
Cтаршыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль. PAP/EPA/Robertas Dackus / LITHUANIAN PRESIDENT PRESS HANDOUT

Еўрапейскі Саюз асуджае рашэнне Беларусі ў адказ на санкцыі ЕС дазволіць нелегальным імігрантам перасякаць мяжу з Літвой, заявіў у панядзелак у Вільні старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль.

Нагадваем, у сувязі з наплывам вялікай колькасці, пераважна іракскіх мігрантаў з Беларусі, урад Літвы ўвёў надзвычайнае становішча ў краіне. Толькі за папярэднія суткі памежная служба Літвы затрымала150 нелегальных мігрантаў – гэта больш, чым агульная сума за любы з папярэдніх трох гадоў. Паводле літоўскага боку, сёлета мяжу нелегальна перасеклі ўжо 1 232 мігранты.

«Мае калегі з Еўрапейскага савета перакананыя, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць нелегальную міграцыю, каб паспрабаваць аказаць ціск на Еўрасаюз, у тым ліку на Літву», – заявіў Мішэль на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Вільні з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседай.

Мішэль заявіў, што на наступным тыдні абмяркуе з прэзідэнтам Ірака пытанне аб рэпатрыяцыі грамадзян Ірака, якія перасякаюць беларускую мяжу з Літвой. Мігранты таксама прыбываюць з Ірана, Сірыі, Гвінеі, Турцыі і Шры-Ланкі.

«Вельмі складана мець зносіны з рэжымам, якога мы не прызнаем легітымным і які адпраўляе мігрантаў не па памылцы, а наўмысна, выкарыстоўваючы іх у якасці палітычнага інструмента», – заявіў Наўседа.

Тыдзень таму Беларусь абвясціла аб прыпыненні дзеяння пагаднення аб рэадмісіі з ЕС. Гэта адказ краіны на чацвёрты пакет санкцый Еўрасаюза супраць рэжыму ў Мінску.

PAP/аз