Беларуская Служба

Памёр былы прэм'ер-міністр Украіны Яўген Марчук

05.08.2021 09:44
Марчук быў кіраўніком урада ў Кіеве ў 1995-1996 гадах, а ў 1991-94 гадах – першым кіраўніком Службы бяспекі Украіны.
Сцяг Украіныjorono/pixabay.com/CC0

Яўген Марчук памёр у чацвер раніцай ва ўзросце 80 гадоў, паведаміла яго жонка Ларыса Ішына. Марчук быў кіраўніком урада ў Кіеве ў 1995-1996 гадах, а ў 1991-94 гадах – першым кіраўніком Службы бяспекі Украіны.

У паведамленні СБУ гаворыцца, што ў Марчука нядаўна дыягнаставалі Covid-19, а каранавірус ускладніў іншыя хваробы, у тым ліку кардыялагічныя.

На парозе незалежнасці Украіны Марчук быў блізкім паплечнікам тагачаснага ўкраінскага кіраўніка Леаніда Краўчука на пасадзе дзяржаўнага міністра абароны, нацыянальнай бяспекі і надзвычайных сітуацый. Пасля 1991 года, калі Украіна атрымала незалежнасць, Марчук – генерал савецкага КДБ – стаў кіраўніком Службы бяспекі Украіны (СБУ) і сфармаваў украінскія спецслужбы. Ён узначальваў СБУ да ліпеня 1994 года.

У 1994 годзе ён неафіцыйна падтрымліваў Леаніда Кучму на прэзідэнцкіх выбарах, па выніках якіх у ліпені таго ж года стаў першым віцэ -прэмʼерам, а ў сакавіку 1995 г. выконваў абавязкі прэмʼер -міністра Украіны. Ён быў кіраўніком урада з чэрвеня 1995 года па май 1996 года. Аднак ён быў адпраўлены ў адстаўку пасля канфлікту з тагачасным кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыем Табачнікам, які заявіў, што Марчук занадта шмат увагі надае фарміраванню свайго палітычнага іміджу і занадта мала часу працуе ва ўрадзе.

Пасля адстаўкі Марчук перайшоў у апазіцыю. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 1999 года ён некаторы час уваходзіў у кааліцыю, мэтай якой было не дапусціць перавыбрання Кучмы. Аднак пасля першага тура выбараў, калі стала ясна, што Кучма пераможа, Марчук падтрымаў яго. У замен Кучма прызначыў яго сакратаром Савета нацыянальнай бяспекі і Украіны.

У чэрвені 2003 года Марчук стаў міністрам абароны. На гэтай пасадзе ён удзельнічаў у супрацоўніцтве Міністэрства абароны Украіны з НАТА. У 2004 годзе ён быў адхілены ад пасады Кучмай, як меркавалі тады, за адмову прыцягнуць войска да прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

У апошнія гады Марчук быў прадстаўніком тагачаснага прэзідэнта Пятра Парашэнкі ў трохбаковай кантактнай групе па канфлікце на Данбасе. Ён займаў гэтую пасаду з лістапада 2018 па май 2019 года.

ав