Беларуская Служба

Анджэй Дуда заклікаў на форуме ААН да салідарнасці з беларусамі

22.09.2021 09:54
Беларусы хочуць мець такое ж права выбару сваёй улады, як французы, палякі, амерыканцы, карэйцы, нагадаў кіраўнік польскай дзяржавы.
  .
Прэзідэнт Анджэй Дуда.PAP/Jakub Szymczuk/KPRP

Падчас выступлення на форуме Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку прэзідэнт Польшчы заклікаў міжнародную супольнасць да салідарнасці з беларускім народам. Прэзідэнт Польшчы заявіў, што аўтарытарны рэжым у Мінску праводзіць гібрыдную атаку на межах Польшчы, Латвіі і Літвы.

Анджэй Дуда нагадаў, што ў цяперашні час у турмах Беларусі знаходзіцца больш за 650 чалавек. Гэта ў асноўным маладыя жанчыны і мужчыны, якім не далі магчымасці абраць свайго кіраўніка. Прэзідэнт нагадаў, што беларусы хочуць мець такое ж права выбару сваёй улады, якім карыстаюцца французы, палякі, амерыканцы, карэйцы, аўстралійцы і жыхары Аргенціны:

- Я кажу ўсё гэта, як лідар краіны, дзе амаль 150 тысяч беларусаў знайшлі прытулак і працу, у тым ліку тысячы пратэстоўцаў.

Паводле Анджэя Дуды адказам рэжыму на дапамогу рэпрэсаваным беларусам, была нечаканая гібрыдная атака на межах Польшчы, Літвы і Латвіі:

-На працягу многіх тыдняў рэжым Аляксандра Лукашэнкі прыцягвае ў сваю краіну дзясяткі тысяч жыхароў Блізкага Усходу і міліцэйскімі дубінкамі прымушае іх перасякаць нашыя межы. Такім чынам ён спрабуе выклікаць штучны гуманітарны крызіс.

Прэзідэнт Дуда дадаў, што Польшча не пойдзе на саступкі ў гэтым крызісе, таму што не пагаджаецца на інструментальнае абыходжанне з мігрантамі і выкарыстоўванне іх для дзейнасці, накіраванай супраць бяспекі на польскіх межах.

IAR/аз