Беларуская Служба

Адміністрацыя Байдэна «вельмі і вельмі занепакоеная» канцэнтрацыяй расійскіх войск вакол Украіны

06.11.2021 10:38
Нядаўні візіт кіраўніка ЦРУ Біла Бёрнса ў Маскву меў на мэце папярэдзіць Крэмль пра наступствы новага наступу на Кіеў, паведаміла CNN.
Ілюстрацыйны здымакEPA/Al Drago / POOL Dostawca: PAP/EPA

Вашынгтон «вельмі і вельмі занепакоены» перамяшчэннем расійскіх войск на мяжу з Украінай. Журналісты тэлевізіі спасылаюцца на еўрапейскіх дыпламатаў, да якіх ЗША звярталіся ў апошнія дні, кажучы пра ​​сур'ёзнасць сітуацыі.

«Адміністрацыя вельмі і вельмі занепакоеная — больш за ўсё дачыненнямі з Расіяй, гэта тычыцца вельмі доўгага часу», — сказаў адзін з дыпламатаў, цытаваны CNN. Паводле іншай крыніцы, заклапочанасць з нагоды перамяшчэння расійскіх войск «даволі канкрэтная».

Таксама прадстаўнік Дзярждэпартамента заявіў журналістам, што дурнотай было б адмаўляць магчымасць паўторнага ўварвання Расіі ва Украіну.

CNN паведаміла, што сітуацыя каля мяжы з Украінай стала галоўнай прычынай візіту ў Маскву 2-3 лістапада кіраўніка ЦРУ Біла Бёрнса, які сустрэўся з дырэктарам Рады бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым і кіраўніком Службы знешняй разведкі Сяргеем Нарышкіным. Мэтай перамоў было «папярэдзіць Крэмль, што ЗША ўважліва сочаць за канцэнтрацыяй войск ля ўкраінскай мяжы, а таксама паспрабаваць высветліць матывацыю дзеянняў Расіі». Дырэктар амерыканскай службы таксама павінен быў узняць тэму выкарыстання Расіяй энергіі ў якасці зброі супраць Еўропы.

У сераду пра расійскія рухі выказаўся старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў генерал Марк Мілі, заявіўшы, што ЗША ўважліва сочаць за сітуацыяй, але рабіць адназначныя высновы пакуль рана.

юл