Беларуская Служба

Вярхоўны суд Расіі прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Міжнароднага Мемарыялу»

28.12.2021 11:54
Вярхоўны суд Расіі 28 снежня прыняў рашэнне аб ліквідацыі ўнесенага ў рэестр «замежных агентаў» «Міжнароднага Мемарыялу».
  .
Шыльда таварыства "Мемарыял". Фота: memo.ru

Падчас сваёй прамовы ў судзе пракурор Аляксей Жафяроў заявіў, што «Мемарыял» «першапачаткова ствараўся для памяці аб ахвярах, але цяпер памяняў свой кірунак: замест памяці аб слаўным мінулым прымушае каяцца за савецкае мінулае». Ён таксама сказаў пра нібыта знойдзеныя ў базе арганізацыі адзінаццаць памагатых нацызму.

«Мемарыял« стварае хлуслівы вобраз СССР як тэрарыстычнай дзяржавы. Чаму мы, нашчадкі пераможцаў, павінны назіраць цяпер рэабілітацыю нацыстаў? Мусіць таму, што за гэта хтосьці плаціць. Гэта сапраўдная прычына таго, што «Мемарыял« спрабуе актыўна адхрысціцца ад статуту замежнага агента», – заявіў прадстаўнік Генпракуратуры. Іск ведамства падтрымалі прадстаўнікі Мінюста і Раскамнагляду.

Выканаўчы дырэктар «Міжнароднага Мемарыялу» Алена Жамкова сказала, што расійская дзяржава лічыць важным ушанаванне памяці ахвяр аб рэпрэсіях. «Мы адкрытыя да супрацоўніцтва мы выпраўляем памылкі і працягваем працу, таму што ў такой вялікай працы важна рухацца наперад», – прыводзіць яе словы «Медыязона». Паводле яе слоў, «Мемарыял» – гэта 33 гады «чорнай цяжкай працы на карысць людзей і на карысць краіны».

Адвакат Міхаіл Бірукоў зазначыў, што палітычныя заявы Генпракуратуры не павінны мець значэння, і суд павінен абапірацца на законы. Адвакат Марыя Эйсмант дадала, што «Мемарыял» ніколі не спрабаваў схаваць, што частка праекту фінансуецца міжнароднымі фондамі – пра гэта пазначана на яго сайтах.

У адказ на словы прадстаўніка Генпракуратуры аб тым, што «Мемарыял» спрабаваў выставіць СССР тэрарыстычнай дзяржавай, Эйсмант сказала:

«А што адбылося з гэтымі 800 тысячамі чалавек, якіх былі вымушаныя рэабілітаваць? Ад імя якой дзяржавы яны загінулі? Ці быў у нашай краіне тэрор? «Мемарыял« дапамагае яго раскопваць».

Перад пачаткам судовага паседжання каля будынка затрымалі траіх чалавек з плакатамі супраць «Мемарыяла», перадае Sota. На плакатах «Мемарыял» асацыіраваны з нацысцкай Нямеччынай, з ім змагаецца Савецкі Саюз і «Ветэраны Расіі». Пазней былі затрыманыя двое пікетоўцаў з плакатамі ў падтрымку «Мемарыяла».

"Радыё Свабода" / вх