Беларуская Служба

2022-ы ў Літве абвясцілі Годам Францішка Скарыны

28.12.2021 12:37
Налета спаўняецца 500 гадоў з заснавання ў Вільні першай ва Ўсходняй Еўропе кнігадрукарні і выдання першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім – «Малой падарожнай кніжкі» (1522
   , 1522
«Малая падарожная кніжка» Скарыны, 1522Фота: Vikimedia

З гэтай нагоды ўлады Літвы абвясцілі наступны 2022 год Годам Францішка Скарыны, паведамляе Пасольства Літвы ў Мінску.

«Скарына – гуманіст, пачынальнік кнігадрукарства ў ВКЛ, першадрукар Літвы, выдавец, пісьменнік і доктар медыцыны. Францішак Скарына нарадзіўся ў багатай купецкай сям’і ў Полацку, які ў тыя часы быў вельмі важным гандлёвым цэнтрам ВКЛ», – гаворыцца ў паведамленні.

Дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы ў Беларусі нагадвае, што паміж 1519 і 1521 гадамі Скарына пасяліўся ў Вільні, прывёз туды друкарскае абсталяванне і запас паперы.

20 траўня 1522 году ў доме віленскага бурмістра Якуба Бабіча Скарына заснаваў першую друкарню ва Ўсходняй Еўропе. Мяркуецца, што дом стаяў на скрыжаванні вуліц Вялікай і Шкляной. Тут ён выдаў першую кнігу ВКЛ, якая называлася «Малая падарожная кніжка». Дакладная яе назва невядомая, таму даследчыкі далі выданню назву паводле тэксту эпілогу: «абагульняючы, у гэтай малой падарожнай кніжцы...».

Музей энергетыкі і тэхнікі ладзіць праект, прысвечаны адзначэнню Году Скарыны і інтэрактыўнай прэзентацыі культурнай спадчыны. У рамках яго ў супрацоўніцтве з прафесійнымі мастакамі з Беларусі – Андрэем Шапоравым і Святланай Петушковай – рэканструяваны друкарскі варштат, які выкарыстоўваўся ў друкарні Скарыны.

31 снежня экспанат папоўніць экспазіцыю Музею прамысловасці. У 2022 годзе будуць прэзентаваныя адукацыйныя і творчыя праграмы, якія дазволяць грамадству лепей пазнаёміцца з старадаўняй друкарскай тэхналогіяй, дзейнасцю і творамі Францішка Скарыны.

"Радыё Свабода" / вх