Беларуская Служба

Сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы стабілізуецца

03.01.2022 14:57
За суткі не было ніводнай спробы нелегальнага пераходу мяжы.
.
Мяжа. Ілюстрацыйны здымакфота: Forum/Reuters/INTS KALNINS

Сітуацыя, звязаная з нелегальнай міграцыяй у Літве, стабілізуецца - ацэньваюць улады гэтай краіны. Памежнікі за апошнія суткі не зафіксавалі ніводнай спробы прарыву беларуска-літоўскай мяжы. Аднак частка мігрантаў спрабуе трапіць на тэрыторыю Еўрасаюза праз Латвію.

Пра сітуацыю на літоўска-беларускай мяжы ў віленскім радыё Znad Wilii распавёў намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Віталіюс Дзмітрыевас. "Сітуацыя крыху стабілізавалася. Прынятыя прэвентыўныя меры прыносяць плён. Я думаю, што беларускі рэжым не чакаў ад Літвы такіх крокаў", — сказаў міністр. У апошнія дні некалькі чалавек спрабавалі нелегальна трапіць у Літву з Беларусі. Дзмітрыевас адзначыў, што Вільня імкнецца цалкам не дапусціць перасячэння мяжы ў забароненых месцах. Ён таксама нагадаў, што работы, звязаныя з будаўніцтвам фізічнага бар'ера, працягваюцца. Да гэтага часу ўстаноўлена каля 150 км агароджы з калючага дроту.

Тым часам некаторыя нелегальныя мігранты ўжо некалькі тыдняў спрабуюць трапіць у Латвію. У апошні дзень там было амаль сорак спробаў перасячэння мяжы. У пятніцу і суботу латвійскія службы вярнулі ў Беларусь больш за 160 мігрантаў.

IAR PR/нг