Беларуская Служба

Прэзідэнт Такаеў замяніў Назарбаева на пасадзе кіраўніка Саўбезу Казахстана

05.01.2022 14:28
Па ўсім Казахстане працягваюцца масавыя сутыкненні з сілавікамі, дэманстранты іх абяззбройваюць, захоплена некалькі адміністратыўных будынкаў і рэдакцый СМІ.
Дэманстранты абяззбройваюць казахскую паліцыю PAP/EPA/STR

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў зойме пасаду кіраўніка Савета бяспекі краіны. Пра гэта Такаеў заявіў у надзвычайным тэлезвароце да грамадзян, паведамляе Orda.kz. Да гэтага часу Савет Бяспекі ўзначальваў былы прэзідэнт, так званы айцец нацыі Нурсултан Назарбаеў. Таксама Такаеў абверг чуткі, што ўцёк з краіны і паабяцаў дзейнічаць жорстка.

Тым часам па ўсім Казахстане працягваюцца масавыя сутыкненні пратэстоўцаў з сілавікамі. Нярэдка дэманстранты абяззбройваюць вайскоўцаў і паліцэйскіх, захоплена некалькі адміністратыўных будынкаў і рэдакцый СМІ. Сярод іншага пратэстоўцы ўзялі штурмама сядзібу мясцовага «Спутніка».

Да пратэсту далучаюцца чарговыя населеныя пункты і працоўныя калектывы. У прыватнасці працу спыніў Металургічны завод у Балхашы.

У сацсетках з’явіліся патрабаванні ўдзельнікаў пратэсту. Сярод іншага, яны дабіваюцца адстаўкі ўрада (гэтае патрабаванне фармальна ўжо выкананае, але пакуль незразумела, наколькі новым па складзе будзе новы ўрад), адстаўка ўсіх кіраўнікоў рэгіёнаў і правядзенне новых выбараў, скліканне Канстытуцыйнай рады.

Інтэрнэт-правайдэр «Казахтэлекам» адключыў Інтэрнэт ва ўсёй краіне. У Алматы таксама адключаная тэлефонная сувязь. У некалькіх вобласцях, у тым ліку ў горадзе Алматы (насельніцтва каля 2 млн чалавек), уведзена надзвычайнае становішча.

iar/Orda.kz/эж