Еўрасаюз увядзе новыя санкцыі супраць Беларусі. Аб гэтым заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен на прэс-канферэнцыі пасля падпісання новай дэкларацыі аб супрацоўніцтве ЕС і НАТА, - паведамляецца на сайце Refor.by. Паводле яе слоў, Еўрасаюз узмоцніць падтрымку Украіны, а таксама працягне ціснуць на Расію і тых, хто падтрымлівае яе ваенным шляхам.
«Еўрапейскі Саюз працягне рабіць усё ў сваіх сілах, каб падтрымаць адважны народ Украіны. Мы працягнем ціск на Крэмль столькі, колькі гэта спатрэбіцца, удараючы па рэжыме санкцыямі. Мы пашырым санкцыі на тых, хто ваенным чынам падтрымлівае расійскую вайну, як Беларусь і Іран. Мы прасунемся далей з новымі санкцыямі супраць Беларусі, адказваючы на яе ролю ў гэтай расійскай вайне ва Украіне», – сказала кіраўнік Еўракамісіі.
У сваім выступе, гаворачы аб пагрозах бяспецы ЕС, якія ўзніклі апошнім часам, Урсула фон дэр Ляен таксама згадала міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС, арганізаваны, паводле яе слоў, рэжымам Лукашэнкі.
яс