Беларуская Служба

У. Зяленскі пра тэатр у Марыупалі: «Адно з самых страшных злачынстваў вайны»

17.03.2023 10:12
У момант удару ў будынку хаваліся ад 300 да 1000 мірных жыхароў. Загінулі не менш за 300 чалавек.
Знішчаны расіянамі тэатр у Марыупаліфота: Twitter/@nexta_tv

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што будзе створаны трыбунал, які пакарае расіян, такім жа чынам, як каралі ваенных злачынцаў у мінулым. Учора споўнілася першая гадавіна знішчэння будынку Драматычнага тэатру ў Марыупалі ў выніку расійскага бамбардавання. У момант удару ў будынку хаваліся ад 300 да 1000 мірных жыхароў. Загінулі не менш за 300 чалавек.

Прэзідэнт Украіны ў сваім выступе ў сацсетках заявіў, што гэта было адно з самых страшных злачынстваў вайны.

- Расійскія бомбы разбурылі тэатр у Марыупалі – будынак, які выкарыстоўваўся як сховішча. Там былі жанчыны з дзецьмі, цяжарныя, старыя. Цывільны аб'ект, свядома знішчаны акупантамі. Мы дагэтуль не ведаем дакладнай колькасці ахвяраў, сотні ці тысячы. Надпіс «дзеці» побач з будынкам адназначна сведчыў пра тое, хто стаў мішэнню для Расіі. Адной са шматлікіх мішэняў. За кожную з іх дзяржава-зло павінна адказаць.

Расіяне здзяйсняюць ваенныя злачынствы ва Украіне і павінны панесці за гэта адказнасць, гаворыцца ў дакладзе следчай камісіі Рады па правах чалавека ААН. Члены камісіі апыталі 348 жанчын і 247 мужчын у 56 гарадах Украіны. Перадае карэспандэнт ПР Мацей Ястжэмбскі (Maciej Jastrzębski).

- У дакладзе сярод ваенных злачынстваў названыя, між іншым, удары на грамадзянскай інфраструктуры, забойствы, згвалтаванні, утрыманне мірных жыхароў у палоне, дэпартацыі дзяцей. Члены камісіі, акрамя паказанняў сведкаў, правялі таксама агляд месцаў масавых пахаванняў ды аналіз здымкаў з мабільнікаў, сацсетак і спадарожнікаў. Паводле дадзеных ААН, у выніку толькі даказаных ваенных злачынстваў на тэрыторыі Украіны загінула 8 тыс мірных жыхароў, а 13 тыс было паранена. Пры гэтым следчая камісія Рады па правах чалавека адзначыла, што гэта толькі частка ахвяраў.

Тэлеграм-канал У. Зяленскага/IAR/нг