У другім выпуску расследавання «Вайна ценяў» шведскае тэлебачанне SVT, дацкае DR, нарвежскае NRK і фінскае YLE публікуюць імёны шпіёнаў, іх выявы і прыналежнасць да расійскіх службаў (ГРУ, ФСБ ці СВР).
Паводле СМІ, у амбасадзе Расіі ў Стакгольме дагэтуль працуюць 13 агентаў. Сярод іх 10 чалавек маюць дыпламатычны статус, але ўсе карыстаюцца імунітэтам і ахоўваюцца Венскай канвенцыяй.
Адзін з выяўленых агентаў – Яўген Умярэнка, які ў 2019 годзе быў затрыманы паліцыяй і шведскімі спецслужбамі SAPO падчас сустрэчы з завербаваным грамадзянінам Швецыі. Умярэнка быў вызвалены, бо меў недатыкальнасць як саветнік амбасады Расіі.
Расіянін неўзабаве пасля інцыдэнту пакінуў Швецыю і сёння знаходзіцца ў расійскай місіі ў Сеуле. Швед, асуджаны на тры гады пазбаўлення волі, перадаваў Умярэнку сакрэтную тэхнічную інфармацыю аб грузавіках Volvo і Scania, якія маглі быць выкарыстаныя для ўзмацнення ваеннага патэнцыялу.
У аўторак МЗС Швецыі абвясціў аб выдаленні пяці расійскіх дыпламатаў. «Іх дзейнасць была несумяшчальная з іх дыпламатычным статусам», – падкрэсліў міністр замежных спраў Швецыі Тобіас Білстрэм. Пакуль незразумела, ці ёсць сярод іх супрацоўнікі расійскіх спецслужбаў, ідэнтыфікаваныя СМІ.
На мінулым тыдні ў першым выпуску рэпартажу тэлеканалы паўночных краінаў ідэнтыфікавалі 50 караблёў, якія за апошнія 10 гадоў маглі праводзіць разведвальныя аперацыі Расіі ў водах Балтыйскага і Паўночнага мораў.
TVP/нг