Прэс-сакратар МЗС Лукаш Ясіна заявіў, што падчас учорашняга пасяджэння Рады замежных спраў Еўрасаюза ў Люксембургу краіны-сябры захавалі сваю прыхільнасць падтрымліваць Украіну.
Госць Польскага радыё дадаў, што хаця прарыўных рашэнняў адносна ўзбраення Украіны не было прынята, пытанне дапамогі гэтай краіне было адным з найважнейшых.
«Украінскія пытанні займалі вельмі важнае месца на паседжанні Рады міністраў замежных справаў ЕС – прайшлі кансультацыі з міністрам Кулебам. Міністр Раў таксама сустрэўся ў нашым самым блізкім да Украіны фармаце – гэта значыць з міністрамі замежных справаў Літвы, Латвіі і Эстоніі. Пытанні ўзбраення – гэта, хутчэй, пытанні НАТА. Хутка ў нас сустрэча міністраў НАТА ў Осла, потым саміт у Вільні», – паведаміў Лукаш Ясіна.
Падчас учорашняга пасяджэння Рады замежных спраў Еўрасаюза міністр замежных спраў Украіны звярнуўся да краін ЕС з просьбай аб хуткіх пастаўках боепрыпасаў. Дзмітрый Кулеба дыстанцыйна падключыўся да 27 міністраў замежных спраў падчас сустрэчы ў Люксембургу.
Як паведамлялася, кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэ Барэль заявіў, што краіны-члены перадалі Украіне дзясяткі тысяч боепрыпасаў. Ён падрыхтаваў ліст з заклікам да краін ЕС.
Дзмітрый Кулеба таксама з расчараваннем выказаўся аб адсутнасці ў ЕС згоды на сумесныя закупкі ракет для Украіны. Ён наўпрост паказаў на Францыю, якая не хацела пагадзіцца. Францыя патрабуе, каб у сумесных закупках маглі ўдзельнічаць толькі кампаніі з ЕС і тыя, што выкарыстоўваюць еўрапейскія кампаненты. Крытыкі Францыі абвінавачваюць яе ў прасоўванні інтарэсаў уласных абаронных кампаній.
IAR/яс