Былы намеснік начальніка Генеральнага штабу Войска Польскага генерал Леон Камарніцкі кажа, што цяпер ідзе інтэлектуальная вайна і шырокая падрыхтоўка, пра якую грамадскасць не мае права ведаць. На ягоную думку, украінская армія здольная прарваць расійскія абарончыя пазіцыі і ўвайсці ў акупаваны праціўнікам раён, але з-за праблем з забеспячэннем украінцы могуць не пашырыць наступ на новыя напрамкі, што прывядзе да яго краху і закончыцца толькі лакальным поспехам.
- На маю думку, яна гатовая распачаць наступ, але не гатовая гэты наступ працягваць, ка канчаткова разбіць ворага. Перш за ўсё прычына ў недахопе амуніцыі. Калі ўкраінская армія не будзе мець магчымасці перарэзаць паступленне новага ўзбраення і жывой сілы ў расійскую армію, яна гэтай вайны не выйграе. Усё яшчэ няма сістэмы, якая б спыніла пастаўкі. Расійская армія ўвесь час атрымлівае новых людзей і тэхніку. Трэба разумець, што немагчыма перамагчы ў вайне, калі не весці вайны на тэрыторыі агрэсара.
Немагчыма казаць пра перамогу Украіны без папярэдняга ўзбраення яе сістэмамі, здольнымі паражаць аб'екты на тэрыторыі Расеі, і без згоды на такія дзеянні.
Яшчэ адной праблемай для ўкраінцаў зʼяўляецца недастатковая колькасць пазадарожнікаў, якія выкарыстоўваюцца не толькі для эвакуацыі параненых, але і ў якасці транспартнага сродку для асобных падраздзяленняў. Сярэдняя працягласць працы такой машыны на фронце складае ўсяго два дні ў раёне Бахмута і тры тыдні на астатніх участках фронту.
Яшчэ адной цяжкасцю зʼяўляецца аснашчэнне жаўнераў адпаведнай вопраткай і сродкамі гігіены, што наўпрост не ўплывае на баяздольнасць, але істотна ўплывае на маральны дух – кажа валанцёр Рафал Рашкевіч з асацыяцыі Pogoń Ruska, які дастаўляе машыны і рыштунак ва Украіну.
- Кожны салдат, з якім я размаўляю, кажа, што самыя важныя аўтамабілі, на другім месцы – беспілотнікі, а на трэці – лякарствы. Прадукты харчавання, вопратка, шкарпэткі значна менш важныя, хаця і гэтага не хапае. Бракуе на самой справе ўсяго, украінскія ўлады гэта пастаўляюць, але са спазненнем. І ўлады канцэнтруюць увагу на пастаўках узбраення, каб была магчымасць весці бой. А салдаты адзначаюць, што для іх самая вялікая неабходнасць – гэта аўтамабілі.
Многія эксперты мяркуюць, што чаканы ўкраінскі наступ можа вырашыць лёс усёй абарончай вайны. Большасць з іх чакае, што УСУ спрабуюць перакрыць сухапутную сувязь паміж Расіяй і Крымам.
Цяпер расіяне накіроўваюць значную частку сваіх сіл на стварэнне ўмацаванняў, каб спыніць украінскі контрнаступ, але не ведаюць, дзе менавіта ён будзе адбывацца. Таму амаль па ўсёй лініі фронту, а гэта больш за 500 кіламетраў, будуюць умацаванні.
iar/нг