14-гадовы вучань сёмага класа пачатковай школы ў цэнтры Бялграда, сталіцы Сербіі, сёння раніцай увайшоў у будынак школы і пачаў страляць у сваіх аднакласнікаў.
Відавочцы здарэння паведамілі мясцовым СМІ, што стральба доўжылася каля пяці хвілін. Даволі хутка прыбыла міліцыя, у тым ліку падраздзяленні антытэрарыстычных сілаў, якія затрымалі хлопца.
Бягучую сітуацыю з ахвярамі і параненымі ў выніку ранішняй страляніны прадставіла міністр аховы здароўя Сербіі Даніца Груічыч:
«Загінулі восем дзяцей і адзін мужчына, які выконваў сваю працу. Што тычыцца сямі пацярпелых, то ў адной дзяўчыны траўма галавы, за яе жыццё змагаюцца лекары. Яна ў цяжкім стане, як і настаўніца», - сказала міністр.
Ва ўсіх школах сербскай сталіцы сёння адменены заняткі, на месцы трагедыі вучням дапамагаюць псіхолагі.
Паводле сербскіх журналістаў, 14-гадовы Коста нібыта стрэліў з двух пісталетаў з пяццю магазінамі. Пісталет належаў бацьку хлопчыка, які з'яўляецца вядомым у Бялградзе рэнтгенолагам. У заплечніку ў студэнта былі яшчэ тры бутэлькі з запальнай сумессю, якія ён, верагодна, хацеў выкарыстаць.
Кіраўнік бялградскай паліцыі заявіў на прэс-канферэнцыі, што хлопчык даўно планаваў гэтую расправу і хацеў забіць значна больш людзей. Адна з мясцовых газет паразмаўляла з бацькам аднаго з вучняў гэтай школы. Ён заявіў, што зламыснік раней быў ахвярай здзекаў і нядаўна з гэтай прычыны змяніў месца навучання.
IAR / вх