Злучаныя Штаты Амерыкі абвясцілі аб выдзяленні Украіне чарговага траншу ваеннай дапамогі ў памеры 200 мільёнаў долараў ЗША. Пакет уключае, сярод іншага, ракеты для сістэм супрацьпаветранай абароны і артылерыйскія боепрыпасы. Белы дом, у сваю чаргу, заклікаў Кангрэс зацвердзіць новае фінансаванне ваеннай дапамогі Украіне.
Гэта ўжо 48-ы пакет амерыканскай ваеннай дапамогі Украіне з пачатку паўноамаштбанага расійскага ўварвання. Пентагон заявіў, што пастаўляе супрацьпаветраныя боепрыпасы, 155-мм і 105-мм артылерыйскія снарады, ракеты для сістэм HIMARS, абсталяванне для ўдарных беспілотнікаў, супрацьтанкавую зброю і 16 мільёнаў патронаў лёгкага ўзбраення.
Злучаныя Штаты могуць аказаць ваенную падтрымку як Украіне, так і Ізраілю, які быў атакаваны Хамасам у мінулыя выходныя, заявіў кіраўнік Пэнтагону Лойд Осцін у Бруселі па выніках першага дня сустрэчы міністраў абароны краінаў Паўночнаатлантычнага альянсу:
-ЗША па-ранейшаму ў стане разгарнуць сілы і рэсурсы для барацьбы з крызісамі ў некалькіх месцах адначасова. Такім чынам, мы будзем вельмі моцна падтрымліваць Ізраіль, адначасова падтрымліваючы Украіну. Мы можам і будзем рабіць гэта. Мы самая моцная дзяржава ў свеце, мы зробім усё неабходнае, каб дапамагчы нашым саюзнікам і партнёрам, і мы зробім усё неабходнае, каб захаваць нашу здольнасць абараняць нашы інтарэсы і абараняць нашу краіну.
На пытанне аб рэакцыі Ізраілю на атаку тэрарыстаў ХАМАС міністр абароны ЗША адказаў, што Ізраіль мае абавязак і права абараняцца.
iar/эж