У Херсонскай вобласці эвакуююць жыхароў населеных пунктаў, якія найбольш падвяргаюцца расійскім абстрэлам. Намеснік старшыні Херсонскай абласной рады Юрый Сабалеўскі паведаміў, што рашэнне аб эвакуацыі было прынята на пасяджэнні рады абароны Херсонскай вобласці.
Украінскія ўлады вывозяць мірных жыхароў з 34 гарадоў, якія пастаянна абстрэльваюцца расійскімі акупацыйнымі войскамі.
Юрый Сабалеўскі таксама параіў мірным жыхарам пакінуць акупаваныя тэрыторыі, паколькі ўкраінскія ўзброеныя сілы працягваюць контрнаступленне, а ваенныя дзеянні ўяўляюць сур'ёзную пагрозу для насельніцтва.
- Эвакуацыя працягваецца, ёсць людзі, якія згодныя зʼехаць. Гэта семʼі з дзецьмі з гарадоў, дзе ідуць інтэнсіўныя абстрэлы. Калідор праз Крым працуе. Ён складаны, карыстацца ім рызыкоўна, бо расіяне фільтруюць уцекачоў з Херсону. Грамадзян правяраюць вельмі старанна, асабліва калі чалавек не мае расійскага пашпарту і адмовіўся яго браць. Але ўсё ж трэба з’язджаць, бо ўся наша вобласць будзе вызвалена, але, калі акупанты сыходзяць, яны робяць шмат страшных злачынстваў.
Юрый Сабалеўскі дадаў, што з эвакуацыяй дапамагаюць валанцёры. Усяго з лістапада мінулага года з вызваленых населеных пунктаў Херсонскай вобласці ў бяспечныя рэгіёны Украіны пераехалі больш за 40 тысяч жыхароў. Сярод іх больш за 5 тысяч дзяцей і больш за 350 людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
нг