Беларуская Служба

Беларуса затрымалі за замах на вайскоўца ў Крыме

24.10.2023 11:51
Следчыя ўстанавілі, што да выбуху мог быць датычны 61-гадовы беларус Вячаслаў Піскуноў.
Паўвостраў КрымКрыніцы: Виктор Вderivative/Domena publiczna/commons.wikimedia.org

У Крыме затрымалі 61-гадовага грамадзяніна Беларусі, якога абвінавачваюць у замаху на расійскага вайскоўца. Паведамляецца, што ён нібыта сабраў самаробную бомбу і ўстанавіў яе на машыну ваеннага, інфармуе Тэлеграм-канал Baza.

Інцыдэнт адбыўся яшчэ 23 верасня ў Джанкоі. Тады ўзарваўся аўтамабіль Chevrolet Aveo, уладальнікам якога быў расійскі вайсковец. У выніку выбуху ніхто не пацярпеў. Эксперты вызначылі, што ў машыну было закладзенае самаробнае выбуховае прыстасаванне магутнасцю ў 500 г у тратылавым эквіваленце.

Следчыя ўстанавілі, што да выбуху мог быць датычны 61-гадовы беларус Вячаслаў Піскуноў, які зарэгістраваны ў Чэхіі, але пражывае ў Севастопалі.

Пры вобшуку ў складскім памяшканні адной з кампаній у Севастопалі сілавікі знайшлі цэлую схованку, якая належыць Піскунову. У ёй былі электрадэтанатары, амаль 2 кг гексагену, пісталет-кулямёт і 138 патронаў. Па версіі Следчага камітэту, беларус з кампанентаў 20 верасня сабраў самаробную бомбу і ўстанавіў яе на машыну ваеннага.

Паведамляецца, што Піскуноў затрыманы і ўжо даў прызнальныя паказанні. Супраць яго распачалі справу за спробу забойства, захоўванне выбуховых рэчываў і наўмыснае пашкоджанне маёмасці.

вс