Беларуская Служба

Кіраўнічка ЕП прапануе даць Украіне і Малдове статус назіральнікаў у Еўрапарламенце

25.10.2023 17:01
«Калі краіна імкнецца ў Еўропу, Еўропа павінна шырока адчыніць свае дзверы», – сказала Раберта Мецола.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і кіраўнічка Еўрапарламента Раберта МецолаBy European Parliament from EU - President Zelenskyy says Russia is a grave threat to the European way of life, CC BY 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=128567963

Украіна і Малдова маглі б атрымаць статус назіральнікаў у Еўрапарламенце ў пераходны перыяд, калі яны будуць чакаць афіцыйнага ўступлення ў ЕС, заявіла кіраўнічка Еўрапарламента Раберта Мецола ў інтэрв'ю Politico.

«Калі краіна імкнецца ў Еўропу, Еўропа павінна шырока адчыніць свае дзверы», – сказала яна.
Летась Украіна і Малдова атрымалі статус краін-кандыдатаў у ЕС. У снежні гэтага года, падчас саміту Еўрапейскага савета, Кіеў і Кішынёў чакаюць рашэння аб афіцыйным пачатку перамоваў аб далучэнні.

Раней Еўракамісія павінна апублікаваць справаздачу з ацэнкай падрыхтоўкі краін, якія прэтэндуюць на ўступленне ў ЕС.

Па словах Мецолы, супольнасць магла б прапанаваць краінам, якія рыхтуюцца да ўступлення ў ЕС, шэраг стымулаў ад пераваг ад працы на адзіным рынку да ўдзелу ў праграме Erasmus для студэнтаў.

«Мы маглі б нават пайсці далей і даць ім статус краін-назіральнікаў у парламенце», – сказала Раберта Мецола, дадаўшы, што «шмат залежыць ад таго, што адбудзецца ў снежні».

PAP/аз