Суд у Ратэрдаме прысудзіў 56-гадовага расіяніна Дзмітрыя К. да васямнаццаці месяцаў пазбаўлення волі за парушэнне санкцый ЕС супраць Расіі.
У 2022 г. Дзмітрый паслядоўна адпраўляў у Расію прадметы, якія расійская армія магла выкарыстаць у вайне з Украінай. Сюды ўваходзілі дроны і мікрачыпы. «Такім чынам ён спрыяў падтрымцы вайны Расіі супраць Украіны», – сказаў суддзя.
Дзмітрый К. стаў аб'ектам увагі следства пасля таго, як банк паведаміў аб незвычайных аперацыях расіяніна. Высветлілася, што ён вёў справы з расійскімі кампаніямі і прадпрыемствамі, цесна звязанымі з зброевай прамысловасцю.
«Каб схаваць супрацьпраўныя дзеянні, Дзмітрый К. падрабіў шматлікія дакументы», – абгрунтаваў прысуд суддзя.
У дадатак да турэмнага зняволення суд прызначыў фірме расіяніна штраф у памеры 200 тысяч еўра.
яс