Польскія перавозчыкі пачалі блакіраваць аўтамабільныя пункты пропуску на мяжы з Украінай, паведамляе медыя RMF FM.
Некалькі дзясяткаў перавозчыкаў пачалі пасля поўдня блакаду трох польска-ўкраінскіх памежных пераходаў у Хрэбенным, Дарахуску і ў Карчове. Пратэстоўцы, у прыватнасці, хочуць увесці камерцыйныя дазволы для ўкраінскіх перавозчыкаў і абмежаваць іх колькасць.
Адзначаецца, што пратэстоўцы заблакавалі дарогі паблізу пунктаў пропуску сваімі аўтамабілямі. Яны прапускаюць толькі легкавыя аўто, аўтобусы і транспартныя сродкі, якія перавозяць жывую жывёлу, а таксама гуманітарную і ваенную дапамогу для Украіны.
Амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч заклікаў спыніць блакаду мяжы.
Украінскі дыпламат назваў блакаду мяжы «балючым ударам у спіну Украіны», якая церпіць ад расійскай агрэсіі. «Калідоры салідарнасці паміж Украінай і ЕС знаходзяцца пад пагрозай. Мы заклікаем спыніць блакаду мяжы», – падкрэсліў Зварыч.
rmf24.pl / вх