Беларуская Служба

Ноччу расійскія акупанты абстралялі каля 130 украінскіх гарадоў

22.12.2023 08:54
Украінскі Генштаб інфармуе, што захопнікі працягваюць ігнараваць законы і звычаі вайны і прымяняць тактыку тэрарызму, наносячы ўдары не толькі па ваеннай, але і па цывільнай інфраструктуры.
Наступствы атакі беспілотніка на жылы дом у КіевеEPA/Kyiv City Military Administration / Dostawca: PAP/EPA.

Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што за мінулыя суткі расіяне больш за 130 разоў абстралялі тэрыторыю Украіны.

Як пішуць у штабе, захопнікі працягваюць ігнараваць законы і звычаі вайны і прымяняць тактыку тэрарызму, наносячы ўдары не толькі па ваеннай, але і па цывільнай інфраструктуры.

За апошнія суткі расіяне выпусцілі адну ракету, нанеслі 61 авіяўдар і 71 артылерыйскі ўдар. Ноччу акупанты таксама атакавалі Украіну з выкарыстаннем баявых беспілотнікаў «Шахед». З 28 запушчаных беспілотнікаў было збіта 24. Аскепкі шахедаў упалі на шматкватэрныя і аднакватэрныя жылыя дамы ў Дарніцкім, Саломянскім і Галасееўскім раёнах Кіева. Там пачаліся пажары. Прынамсі два чалавекі атрымалі раненні.

Расіяне купляюць у Ірана беспілотнікі Shahed, але і самі пачалі іх збіраць. Выкарыстоўваць іх яны пачалі ў верасні мінулага года. З тых часоў па тэрыторыі Украіны запусцілі 3700 такіх машын. Украінская супрацьпаветраная абарона здолела збіць 2900 шахедаў.

Агулам агрэсар абстраляў 130 гарадоў у Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях.

У адказ украінскія ВПС нанеслі 16 удараў па раёнах канцэнтрацыі войск захопнікаў. Украінцы таксама абстралялі ракетамі 9 аб'ектаў у раёне баявых дзеянняў праціўніка.

ПР/юл