Беларуская Служба

Расія рыхтуе наступ на Харкаўскую вобласць Украіны

06.01.2024 12:23
У бліжэйшыя тыдні расійскія войскі паспрабуюць заняць горад Купянск.
Ілюстрацыйнае фотаEPA/MAXIM SHIPENKOV Dostawca: PAP/EPA.

Расія рыхтуе наступ у Харкаўскай вобласці Украіны, паведамляе Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў. Паводле аналітычнага цэнтра, у бліжэйшыя тыдні расійскія войскі паспрабуюць заняць горад Купянск.

Украінскія афіцыйныя асобы паведамляюць, што расіяне маюць намер гэтай зімой заняць гарады Купянск і Баравую. Захоп гэтых тэрыторый вымусіў бы ўкраінскую армію пакінуць усходні бераг ракі Оскол у Харкаўскай вобласці і стварыў бы добрыя ўмовы для расійскіх дзеянняў на лініі Купянск-Сваты-Крэмень.

Учора акупанты нанеслі ўдары беспілотнікамі «Шахед» ды ракетамі па Украіне. Паводле звестак ВПС Украіны, расійскія войскі запусцілі дзве хвалі дронаў па перадавой у Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях. Украінцы збілі 21 з 29 расійскіх беспілотнікаў.

Рада Бяспекі ААН збярэцца 10 студзеня, каб абмеркаваць паведамленні аб выкарыстанні Расіяй паўночнакарэйскіх балістычных ракет падчас аперацыі ва Украіне, што з'яўляецца парушэннем рэзалюцыі Рады бяспекі.

ПР/юл