Жыхары карыбскага вострава Банайрэ і «Грынпіс» у чацвер падалі ў суд на галандскую дзяржаву, гаворыцца ў заяве экалагічнай арганізацыі. Яны абвінавачваюць урад у Гаазе ў тым, што ён занадта мала робіць для абароны жыхароў вострава ад змены клімату, паведамляецца на сайце businessinsider.com.pl
У 2013 годзе ААН апублікавала шырокі даклад, у якім прагназавалася, што без значных змен у скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу да 2100 года ўзровень мора можа падняцца прыблізна з 0,45 м да 0,91 м. Гэта азначала б затапленне многіх астравоў.
«Для Нідэрландаў існуе стратэгія адаптацыі да змены клімату. Аднак ва ўрада няма канкрэтных планаў захавання Банайрэ», – гаворыцца ў заяве «Грынпіс». Арганізацыя лічыць, што гэта «безадказна» падчас кліматычнага крызісу. Да яе пазову, пададзенаму ў суд у Гаазе, далучылася група жыхароў выспы.
Нягледзячы на тое, што ў лістападзе мінулага года кабінет прэм'ер-міністра Марэка Рутэ абвясціў, што ў 2024 годзе Банайрэ будзе мець свой кліматычны план, пазоўнікі сцвярджаюць, што неабходныя «тэрміновыя меры», паколькі цяперашнія меры недастатковыя.
Апошнія даследаванні Vrije Universiteit у Амстэрдаме паказалі, што частка вострава можа знікнуць з-за павышэння ўзроўню мора. Пад пагрозай апынуцца і каралавыя рыфы, якія абараняюць востраў ад паводкі.
Банайрэ – галандскі востраў у Карыбскім моры ля берагоў Венесуэлы.
яс