Як і чакалася, на праймерыз кандыдатаў рэспубліканцаў на прэзідэнцкія выбары ў ЗША, у штаце Аёва перамог Дональд Трамп. Былы прэзідэнт набраў каля паловы галасоў. Другое і трэцяе месцы занялі губернатар Фларыды Рон Дэсантыс і экс-амбасадар ЗША ў ААН Нікі Хэйлі. Кожны з іх набраў каля адной пятай галасоў.
Дональд Трамп набраў каля 51% галасоў выбаршчыкаў Рэспубліканскай партыі.
«Мы хочам падзякаваць цудоўным людзям Аёвы. Мы вас любім», – сказаў палітык, які з'яўляецца фаварытам барацьбы за вылучэнне на прэзідэнцкіх выбарах ад Рэспубліканскай партыі.
Галоўнымі супернікамі Трампа зʼяўляюцца 45-гадовы Рон Дэсантыс і 51-гадовая Нікі Хэйлі.
Нікі Хэйлі прадставіла сябе як альтэрнатыву чарговым разборкам Байдэна і Трампа.
«І Трампу, і Байдэну больш за 80 гадоў, абодва паглынутыя мінулым, расследаваннямі, помстай і крыўдамі. Амерыка заслугоўвае нечага лепшага», – сказала кандыдатка, якая разлічвае на нашмат лепшы вынік у Нью-Гэмпшыры, дзе 23 студзеня пройдуць першасныя выбары кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары ад рэспубліканцаў у ЗША.
яс