Беларуская Служба

Украіна патрабуе міжнароднага расследавання авіякатастрофы пад Белгарадам

25.01.2024 12:01
Сёння ноччу (паводле польскага часу) адбудзецца экстранае паседжанне Рады бяспекі ААН па гэтай справе.
C -76
Cамалёт Іл-76 By Alex Snow - http://russianplanes.net/id179103, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=45402981

Кіеў хоча міжнароднага расследавання авіякатастрофы пад Белгарадам, а Масква – склікання Рады бяспекі ААН.

Нагадваем, ваенна-транспартны самалёт Іл-76 разбіўся ўчора каля вёскі Ябланава, прыкладна за сто кіламетраў ад расійска-ўкраінскай мяжы.

Украінская выведка паведаміла, што на борце знаходзіліся ракеты С-300, а Мінабароны Расіі – што 65 украінскіх ваеннапалонных. Расія абвінаваціла Украіну ў збіцці самалёта, а ўкраінская ваенная выведка абвінаваціла Расію ў правакацыі і наўмысных дзеяннях, якія пагражаюць жыццю ваеннапалонных.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што неабходна ўстанавіць усе факты «паветранай катастрофы» расійскага самалёта:

- Трэба ўстанавіць усе факты. Наколькі гэта магчыма, улічваючы, што авіякатастрофа адбылася на тэрыторыі Расіі, па-за нашым кантролем. Цяпер факты – гэта ў асноўным словы. Я пазнаёміўся з дакладам Генштаба аб прымяненні авіяцыі. Служба бяспекі Украіны высвятляе ўсе абставіны здарэння. Я даручыў міністру замежных спраў праінфармаваць партнёраў аб наяўнай інфармацыі па гэтым пытанні. Мы будзем дамагацца міжнароднага расследавання.

З-за катастрофы прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адмяніў свае планы паездак, а таксама адмяніў святкаванне свайго дня нараджэння.

У высвятленне абставінаў катастрофы ўмяшаліся ЗША. Аднак прадстаўнік Белага дома Джон Кірбі заявіў, што пакуль у яго недастаткова ведаў, каб фармуляваць ацэнкі.

Сёння а 23.00 (паводле польскага часу) адбудзецца экстранае паседжанне Рады бяспекі ААН, на якім будуць абмяркоўвацца абвінавачванні Масквы па справе збіцця самалёта.

IAR/аз

У Расіі разбіўся ваенны самалёт, на борце было больш за 70 чалавек

24.01.2024 11:03
Быццам бы таксама ўкраінскія ваеннапалонныя, якіх перавозілі ў Белгародскую вобласць для абмену.